История, традиции, достижения учреждения образования

Першыя ўстановы адукацыі на тэрыторыі нашага раёна пачалі працаваць у другой палове ХІХ стагоддзя. Гэта былі народныя вучылішчы, царкоўнапрыходскія  школы і так званыя школы граматы (адносіліся да праваслаўнага ведамства). Школа граматы ў в. Камена пачала працаваць у 1885 годзе, і ў Чмялевічах, дзе навучалася 15 дзяцей.

Да пачатку 1900 года ў в. Камена ўжо  працавала царкоўнапрыходская школа, у якой 50 вучняў атрымоўвалі веды па Закону Божаму, чытанні і пісьму. У 1914 годзе школа ўжо была чатырохгадовая. У кожнай хаце знаходзілася па   2 класы. Да 1931 года на тэрыторыі Каменскага сельсавета адчынілі свае дзверы і прынялі першых вучняў тры пачатковыя школы: Сераднянская, Чмялевіцкая, Ганцавіцкая. Размяшчаліся яны у самых большых хатах на вёсцы, у час вайны хаты  былі спалены. А Каменская  школа да гэтага часу згодна з праграмай БССР па пераўтварэнні ў жыццё ўсеагульнага сямігадовага навучання стала сямігодкай.

Першы выпуск быў у 1934 годзе.

Адным з першых дырэктараў быў І.Е. Гаеўскі. Скончылі школу 15 вучняў. Адным з іх быў Кастусь Калістратавіч Зялёнка, будучы лётчык, палкоўнік. З  1937 года дырэктарам школы быў Бандарэнка І.В. Пасля вайны ён застаўся ў арміі і даслужыўся да генерала Савецкай Арміі. Служыў на Далёкім Усходзе. 

У апошнім, перадваенным, выпуску 1941 года было 22 чалавекі.

Дырэктарам школы ў той час быў Папкоў Аляксей Максімавіч. Падчас Вялікай Айчыннай вайны памяшканне школы было спалена, і вучням зноў прыйшлося вучыцца ў наёмных памяшканнях. У 1947 годзе быў узведзены новы будынак школы.

А з 1952 года Каменская сямігадовая школа была ператворана ў сярэднюю. У 1955 годзе быў першы выпуск сярэдняй школы. Яе скончылі 22 чалавекі.

Ішоў час. Вёска Камена набыла зусім іншы выгляд: пабудаваны дзве новыя вуліцы: Маладзёжная і Лугавая, заселеныя маладымі спецыялістамі, адчыніў свае дзверы новы дзіцячы садок на 50 месцаў, зазвінеў песнямі Дом культуры. Стала цеснай і старая школа. У 1977 годзе з’явілася на свет прыгажуня – двухпавярховая цагляная школа, якая  і да гэтага часу гасцінна адчыняе дзверы хлопчыкам і дзяўчынкам.

У 2003 годзе Каменская сэрэдняя школа пераўтворана ў вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэднюю агульнаадукацыйную  школу (мал.13). 16 студзеня 2009 года ўстанова адукацыі набыла статус дзяржаўнай ўстановы адукацыі ”Каменскі вучэбна- педагагічны комплекс дзіцячы сад- сярэдняя школа Лагойскага раёна”.

З 1 верасня 2022 года школа змяніла назву на дзяржаўную ўстанову адукацыі "Каменская сярэдняя школа Лагойскага раёна".

10.08.2022 11:09 - 06.09.2022 22:28